19 сакавіка аддзелам выхаваўчай работы з моладдзю, бібліятэкай і кафедрай беларускай і рускай мовы ў чытальнай зале бібліятэкі быў арганізаваны творчы вечар з пісьменнікам, публіцыстам, перакладчыкам, грамадскім дзеячам Анатолем Іванавічам Бутэвічам «На далонях вечнасці».
Пазнаёміцца, паслухаць аўтара рыцарскага рамана «Каралева не здраджвала каралю» хацелі многія. Сустрэча была цікавай з любога пункту гледжання: і як больш істотнае, адухоўленае знаёмства з гісторыяй роднага краю і Беларусі ўвогуле і як тэставы урок нацыянальнай свядомасці на глебе высокай павагі да гісторыі сваёй краіны, да яе выдатных асоб, да ўсяго, што ўваходзіць у паняцце беларускасць.
Анатоль Іванавіч сапраўдны майстар беларускага слова - умее валодаць аўдыторыяй, захапіць яе інтэрпрытацыяй знаёмых і незнаёмых фактаў, падзей, гісторый. Найбольш захапляльным стаў аповед пісьменніка пра твор «Каралева не здраджвала каралю», у якім цесна пераплецены палітыка і каханне, інтрыгі і канфлікты.
Пісьменнік не проста фіксуе падзеі, а прапускае гісторыю праз сэрца. Анатоль Іванавіч распавёў шмат займальнага пра Радзівілаўскую дзяржаву і яе гаспадароў.
Нашу зямлю часта называюць краінай замкаў. Публіцыст не абышоў гэту тэму і звярнуў увагу прысутных на такія кнігі, як «Таямніцы Мірскага замка», «Таямніцы Нясвіжскага замка». У іх ён знаёміць чытачоў з выдатнымі помнікамі беларускага дойлідства і іх уладальнікамі
Усе, хто прыйшоў на сустрэчу, атрымалі сапраўдны урок патрыятызму, урок беларускасці. Не ведаю, як у іншых, у мяне пасля гэтай ў вышэйшай ступені творчай сустрэчы, з’явіўся нейкі дадатковы станоўчы зарад ад важнасці мінулага Беларусі і жаданне звяртацца да нашай спадчыны.
Напрыканцы сустрэчы Анатоль Іванавіч, падпісваючы сваі кнігі, з надзеяй пажадаў «каб ніхто, нідзе і нішто не замінала здзейсніць задуманае Каб добрыя справы засталіся на далонях вечнасці».