Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
За ўсе мільярды двуногіх.
У. Караткевіч
Сярод шматлікага карагоду зорак на небасхіле айчыннага пісьменства гарыць зорка першай велічыны – зорка Уладзіміра Караткевіча. Ён быў пры жыцці і застаецца зараз адным з самых любімых і чытаемых пісьменнікаў на Беларусі. Ён прыйшоў да нас пад шэпт «Сівой легенды», абудзіў усіх «Званамі Віцебска», пазнаёміў з «Маці урагану», «Кастусём Каліноўскім» і «Цыганскім каралём», хітравата запытаў: ці ведаем мы, чаму «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», расказаў як «У снягах драмае вясна», а пасля запрасіў у «Чорны замак Альшанскі», навучыў, абмінаючы «Ладдзю Роспачы», уцякаць ад «Дзікага палявання караля Стаха», нагадаў, што «Нельга забыць» нi «Маю Іліяду», ні «Вячэрнія ветразі», захапляльна распавёў пра «Зямлю пад белымі крыламі»…
26 лістапада наша краіна будзе адзначаць 85-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, але ўжо зараз бібліятэка распачала цыкл мерапрыемстваў «Пад зоркай Уладзіміра Караткевіча». 1 красавіка ў чытальнай зале бібліятэкі прайшла літатурна-музычная імпрэза «Быў. Ёсць. Буду». У госці да студэнтаў прыйшла вельмі прадстаўнічая дэлегацыя начале з галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» Святланай Дзянісавай.
Яна расказала аб супрацоўніцтве Уладзіміра Караткевіча з часопісам «Маладосць». Пачалося яно ў далёкім 1956 годзе, і гэта творчая сувязь доўжылася да апошніх гадоў жыцця пісьменніка. Шмат знакамiтых твораў убачылi свет на старонках гэтага часопiса. Цікава таксама было даведацца i пра тое, што менавіта «Маладосць» мае самае непасрэднае дачыненне, што чалавек гэты ўрэшце скончыў сваё халасцяцкае жыццё.
Далей слова ўзяў паэт Наум Гальпяровіч. Ён расказаў аб сваіх сустрэчах з Уладзімірам Сямёнавічам, аб яго ролі ў нашым беларускім самапазнанні, аб разуменні саміх сябе і нашага беларускага месца ў сусветнай гісторыі: «Караткевіч быў вялікім рамантыкам, пачынальнікам жанру гістарычнага дэтэктыва ў беларускай прозе. Паэт, публіцыст, ён як ніхто іншы, паставіў літаратуру на службу гісторыі, спалучыў, аб’яднаў дзве Музы».
Аўтар часопіса «Маладосць», навуковы супрацоўнік музея старажытнабеларускай культуры Аксана Варатнікова расказала аб сваёй першай сустрэчы з У. Караткевічам, аб тым, як пісьменнік супрацоўнічаў з музеем. Яна нагадала студэнты знакамiтае выказванне пісьменніка, якое мае філасофскі сэнс: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой !».
У імпрэзе прыняла ўдзел пляменніца Уладзіміра Сямёнавіча –Алена Іванаўна Сінькевіч. У яе свой Караткевіч: «Гэта чалавек-сонейка, вельмі жывы і жыццярадасны, гэта вялікі падарожнік, які абышоў і аб’ехаў усю Беларусь; чалавек, які любіў сваю краіну і яе людзей; чалавек, які не мог прыстасоўвацца да жыцця, таму лёс яго быў складаным». Расказала яна і пра апошні год жыцця пісьменніка.
Супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Настасся Карнацкая зрабіла відэапрэзентацыю, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу.
Напрыканцы сустрэчы перад слухачамі выступіў супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і лідэр музычнага гурта «Нельга забыць» Міхаіл Бараноўскі. Менавіта Уладзімір Сямёнавіч паказаў яму шлях у свет беларускай культуры: «Да гэтага свет роднай культуры так ярка не ззяў ніколі. Калі патрапіліся на вочы вершы Караткевіча з рамана «Нельга забыць», тады па-сапраўднаму «праняло», і на гэта неяк захацелася адгукнуцца. У выніку гэтага з’явіліся музычыя нарыхтоўкі, якія хацелася аформіць прыгожа, не толькі у фармаце «гітара –чалавек», але і музычным калектывам. Так з’явіўся гурт». Ён праспяваў некалькі цудоўных песень на словы Караткевіча, якія знайшлі водгук у слухачоў.
А закончылася імпрэза радкамі з апошняга верша Уладзіміра Караткевiча:
Калі сонца выб’ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў
Воінаў сваіх,святых і зраненых
Рыцараў сумлення і свабоды.
Сярод рыцараў сумлення і свабоды нашай Бацькаўшчыны заўсёды быў, ёсць, будзе Уладзімір Караткевіч.
Асабістая падзяка дацэнту кафедры медыцынскай і біялагічнай фізікі Інсаравай Наталлі Іванаўне за ўдзел у арганізаціі мерапрыемства.
Падрыхтавала загадчык сектара бібліятэкі Алена Завалій,
Фота Андрэя Зелянкоўскага