
Бібліятэка БДМУ сустракае Сусветны дзень кнігі. 26 красавіка ў чытальнай зале бібліятэкі адбылася сустрэча і знаёмства студэнтаў I курса педыятрычнага факультэта з Маргарытай Латышкевіч – маладой, крэатыўнай, цікавай і неардынарнай асобай.
Яна маладая беларуская пісьменніца, якая піша шмат – і ў розных кірунках на самыя розныя тэмы: гэта і філасофскія вершы-разважанні, і ўрбаністычная лірыка, і пейзажныя замалёўкі, і нават “гарэзлівыя” (жартоўныя) вершы. А таксама М. Латышкевіч з’яўляецца аўтарам вершаў-коміксаў і фантастычных апавяданняў. Маргарыта – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шматлікіх конкурсаў. Бадай самая яскравая перамога ў гэтым рэчышчы – месца ў десятцы пераможцаў I Міжнароднага літаратурнага конкурсу маладых аўтараў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі «Мост дружбы».
Сустрэча з Маргарытай Латышкевіч прайшла ў цёплай утульнай атмасферы.
Маргарыта займальна расказвала пра сябе і пазнаёміла нас з рознымі відамі сваёй творчай дзейнасці. Аказалася, яна вельмі любіць маляваць, любіць катоў, якія заўсёды натхняюць пісьменніцу, сур’ёзна цікавіцца фальклорам і чэрпае адтуль новыя сюжэты для напісання свайго чарговага твора. Нават на нашу імпрэзу Маргарыта прынесла свае малюнкі з вершамі і ўзнагароджвала імі самых актыўных удзельнікаў.
Пісьменніца зачытвала свае вершы; паказвала на экране і агучвала вершы-коміксы, якія асабліва ўразілі і спадабаліся аўдыторыі; праводзіла гульні са студэнтамі; давала ім розныя творчыя заданні; актыўна і весела размаўляла з імі на самыя розныя тэмы: напрыклад, якая музыка падабаецца, што любіць чытаць, якія рэчы ўздымаюць настрой і змяшчаюць пазітыў.
I нават захапленне варажбой на рунах дзяўчына тлумачыць любоўю да творчасці Толкіена, бо прыдуманая ім магічная мова заснавана... на скандынаўскім рунічным алфавіце! Адным словам, неймаверна крэатыўны чалавек у неймаверна крэатыўнай прасторы!
А на развітанне зазначыла (вядома, радком верша): За расстаннямі, раннімі новыя будуць сустрэчы… Каб жа адбываліся такія сустрэчы як мага часцей.
Вялікая падзяка дацэнту кафедры нармальнай анатоміі Дараховіч Галіне Паўлаўне за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Алена Завалій, заг. сектарам бібліятэкі
Фота Андрэя Зелянкоўскага.