І зноў бібліятэка БДМУ сустракае Сусветны дзень кнігі. 27 красавіка ў чытальнай зале бібліятэкі адбылася сустрэча і знаёмства студэнтаў I курса педыятрычнага факультэта з паэтам,перакладчыкам, эсэістам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэатам прэміі «Залаты апостраф» Алесем Разанавым.
Прысутныя на сустрэчы з класiкам беларускага верлiбра, словатворцам у паэзii, пачулi версэты, квантэмы, вершаказы, зномы, пункціры i, нарэшце, wortdichte – жанр, распрацаваны Алесем Разанавым і падобны да беларускіх вершаказаў (паэтычных па змесце і празаічных па форме твораў).
Усе, хто прыйшоў у гэты дзень у бiблiятэку, адкрылi для сябе глыбокi, мудры свет разанаўскага светапогляду. Паэт не раз казаў: «У мове прысутнічае нешта, зразумелае без вымаўлення».
Чытаць і ўчытвацца ў вершаваны тэкст, вандраваць па метафізічных сусветах у пошуках адказаў на адвечныя пытанні, спрабаваць зразумець іншага і раптоўна ўбачыць сваё адлюстраванне ці адкрыць штосьці важнае пра сябе. Такія сустрэчы звычайна здараюцца знянацку, нечакана становяцца для цябе выпрабаваннем і выклікам. Ці пакінеш усё як ёсць, без зменаў? Ці адважышся крочыць у невядомае?
Вечар атрымаўся па-сапраўднаму паэтычна–цёплым. Алесь Сцяпанавіч па-разанаўску нечакана і нетрывіяльна адказваў на пытанні, чытаў свае вершы, разважаў.Аўтограф паэта застаўся і ў нашай бібліятэцы.
Падрыхтавала Алена Завалій.
Фота Дзмітрыя Зелянкоўскага.